Кожную нядзелю у 11 гадзін праходзіць Cвятая імша для дзяцей. Гэта не значыць, што дарослым забараняецца прысутнічаць. Наадварот: дарослыя прыходзяць са сваімі дзецьмі і ўнукамі, малодшымі братамі і сёстрамі... І вось таму ў касцёле часта гучыць непасрэдны дзіцячы смех, часамі можна пачуць плач зусім яшчэ малога, якога няма з кім пакінуць дома, а прыйсці ў касцёл вельмі хочацца. І вельмі спакойна ўсе адносяцца да таго, што дзеці могуць у час літургіі хадзіць, альбо поўзаць па падлозе са сваім міні-аўто. Але час ідзе хутка. І вось гэтыя дзеці ўжо ходзяць на заняткі па катэхізацыі, вучацца спяваць у касцельным хоры, гатуюцца і прыходзяць да першай споведзі... А потым прыходзяць ужо са сваімі дзецьмі. І для іх, будучых дарослых, ужо норма: шэсць дзен працаваць, а сёмы аддаць Богу. А галоўныя жыццёвыя правілы ўжо даўно: паважай бацьку і маці, сваіх бліжніх, не падманвай і не крадзі, старанна вучыся. І гэтак далей... Ці не адсюль пачынаюць вырашацца важнейшыя грамадскія праблемы? Ці не ў гэтым узросце закладваецца падмурак духоўнасці і культуры, шліфуюцца такія рысы характару, якія ў будучым заўсёды дапамогуць адпаведна і разумна паводзіць сябе ў штодзённым жыцці, мужна супрацьстаяць цяжкасцям і заўсёды найперш спадзявацца на Бога.
Перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай працягваецца. Перад гэтым абраз сустракалі ў дзесяці парафіях Беларусі, у асноўным мінскіх. І вось учора, 25 кастрычніка, насцеж раскрылася брама нашага касцёла, святочна сустракаючы Маці Божую у нашай парафіі. Дарослыя і дзеці разам сталі на калені, вітаючы працэсію, якая суправажала копію цудатворнага абраза. Пад гукі званоў абраз быў беражліва перанесены ў храм і устаноўлены на пачэснае месца. Распачалася святочная літургія пад кіраўніцтвам а. Цэцылія, вікарыя Санктуарыя Маці Божай у Будславе, які увесь час суправажае копію цудатворнага абраза. На літургіі прысутнічалі госці: кс. Андрэй Стыцкевіч, генеральны сакратар Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, кс. Павел Слука, дэкан лагойскага дэканату.
Аднаўленне крыжа на пачатку "Года веры"
Нядзеля, 14 Кастрычнік 2012 15:56 Аўтар Рэдактар.Фота Генадзія РаманчукаАднаўленне крыжа - гэтая вельмі сімвалічная падзея адбылася сёння у нашым Храме. Крыж, які быў зроблены у часы будаўніцтва і увесь час знаходзіўся пры ўваходзе у касцёл, быў заменены на новаасвечаны, прывезены вернікамі з Бэтлеема падчас пілігрымавання па Святой зямлі. Сімвалічнае і таму, што супала з пачаткам абвешчанага Ватыканам Года веры, звязанага з 50-годдзем распачацця Другога Ватыканскага Сабору і 20-годдзем абнародавання Катэхізісу Каталіцкага Касцёла. "Хрысціянства заўсёды маладое, бо Хрыстус ёсць учора, сёння і назаўсёды". На гэта звярнуў увагу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у звароце да ўдзельнікаў Другога Ватыканскага Сабору і старшыняў епіскапатаў з розных краін свету, сярод якіх былі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. «Хрысціянства заўсёды новае», і мы «не павінны яго бачыць як дрэва, якое цалкам развілася з евангельскага зерня, вырасла, прынесла плёны і аднойчы пастарэла і ідзе да захаду сваёй жыццёвай энергіі».
21 верасня паспяхова завяршылася пілігрымка вернікаў з Жодзіна па Святых Мясцінах ў Ізраілі. 55 чалавек, на чале з а. Міхаілам і а. Паўлам, на працягу васьмі дзён наведвалі месцы, звязаныя з нараджэннем, жыццём і мучаніцкай смерцю Езуса Хрыста. Вельмі насычаная праграма пілігрымкі спалучалася з часінамі прыемнага адпачынку на Міжземным і Мёртвым моры. Вельмі пашанцавала з гідам. Яскравы талент расказчыка, эрудыцыя - вось найбольш падыходзячыя словы, якімі можна характарызаваць Анжэлу, так звалі нашага экскурсавода. Але што адрознівае экскурсію ад пілігрымкі, дык гэта святое чуванне: малітва, разважанне з Бібліяй, кожнадзённая святая Эўхарыстыя. І час ляцеў вельмі хутка, але прыемна.
Гэты рэпартаж быў бы вельмі аб'ёмным, калі б тут былі размешчаны усе фотаздымкі, якія былі зроблены падчас пілігрымкі. Лічбавая фатаграфія....не трэба шкадаваць фотаплёнку і рэактывы. Не будзе і падрабязных гісторый. Але усё ж спрабуем разам з вамі ненадоўга узгадаць тыя незабыўныя ўражанні, што засталіся у памяці кожнага пілігрыма на усё жыццё, у кожнага свае. Цалкам мы апынуліся не толькі у іншым месцы, але як бы ў іншым часе.... На тыдзень дома засталіся асноўныя працоўныя абавязкі, жыццёвыя клопаты...
Сябры, якую асацыяцыю выклікае ў вас назва Івянец? Напэўна, для некага яна асацыіруецца са смачнымі цукеркамі, а для іншага са значнай падзеяй: ў ліпені ў Івянцы адбылася пятая міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі! Усмешкі, прыгожыя спевы Музычнай майстэрні (якая ў гэтым годзе адзначыла дзесяцігоддзе!), забавы (ад самога Мітрапаліта!), рыцрскі вечар са старадаўнімі песнямі, танцамі і сапраўднымі рыцарамі. Менавіта тэма "рыцарства" стала агульнай тэмай МСМ: "Я- рыцар Евангелля". 27 ліпеня ў пятніцу нас чакаў вялікі "сюрпрыз": да Івянецкага касцела прыбыў абраз Маці Божай Чэнстахоўскай! І гэтая падзея сталася адной з самых галоўных на гэтай сустрэчы. Такім чынам, МСМ2012 у Івянцы стала не толькі часам для адпачынку, але і часам для духоўнага аднаўлення. У наступным годзе (як адзначыў Арцыбіскуп) МСМ ў Івянцы будзе прысвечана Міжнароднаму дню моладзі, які будзе праходзіць ў Рыа! Дарагі сябра, калі ласка, заплануй час наступнага лета на гэтую сустрэчу з Богам!
Даволі часта мы ўжываем на нашых старонках словы: паломнікі, пілігрымы. Многія мерапрыемствы называюцца пілігрымкамі. Гэтае слова паходзіць ад лацінскага Palma - «пальма» і першапачаткова азначала падарожжа да Святой зямлі і да іншых геаграфічных мясцінаў, якія маюць сакральнае значэнне для хрысціянскай веры, з мэтай глыбокай пашаны і малітвы. Гэта значыць, хаджэнне вернікаў да святых месцаў на пакланенне. Звычай грунтуецца на імкненні пакланіцца месцам і святыням, звязаным з Хрыстом, апосталамі, Найсвяцейшай Багародзіцай; памаліцца перад цудатворнымі іконамі, акунуцца ў святую ваду ракі Ярдан і іншыя святыя крыніцы. Само слова паўстала ад слова «Палома» - пальмавая галінка, з якімі жыхары Ерусаліма сустракалі Езуса Хрыста. Багамольца, які падарожнічае да святых месцаў, называюць паломнікам альбо пілігрымам.
У іншых рэлігіях маюцца аналагічныя звычаі, хоць называцца яны могуць некалькі інакш. Усё гэта як раз і адрознівае пілігрымаў ад звычайных турыстаў.
У гэтым месяцы невялікая група моладзі з ліку вернікаў нашай парафіі наведала даволі цікавую мясціну у французскай Бургундыі. Тут, у мястэчку Тэзэ яшчэ ў 1940 годзе была заснавана супольнасць, якая аб'ядноўвае прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій, у асноўным каталікоў і пратэстантаў. Члены супольнасці называюць сябе братамі і даюць зарок дзяліць адзін з адным матэрыяльныя нягоды і духоўныя даброты, праводзіць жыццё ў бясшлюбнасці і прастаце. Некаторыя з іх жывуць маленькімі групамі - «братэрствамі» - сярод самых бедных людзей у іншых краінах. Браты не прымаюць ні падарункаў, ні ахвяраванняў на суполку, яны жывуць тым, што зарабляюць самі. Сёння супольнасць налічвае каля ста братоў, больш за дваццаць пяць нацыянальнасцяў. Супольнасць у Тэзэ з'яўляецца адным з найбуйнейшых цэнтраў паломніцтва хрысціянскай моладзі з больш чым 25 краін свету, аб'яднаных хрысціянскімі традыцыямі.
Сваімі ўражанямі падзялілася удзельніца пілігрымкі Юлія Лыскавец.
Будслаў... Маці Божая Будслаўская...У некаторых, хто чытае зараз гэтую старонку, гэтыя словы не выклікаюць асаблівых асацыяцый. Але для соцен тысяч вернікаў-католікаў Будслаў - гэта не толькі вясковая мясціна на Беларусі, гэта часціна сэрца, гэта незабыўныя моманты неапісальнай радасці сустрэчы са святасцю, гэта незабыўныя пачуцці, для кожнага чалавека напэўна свае...
Будслаў... Маці Божая Будслаўская...Невялічкая вёска у мядзельскім раёне мінскай вобласці. І неяк вельмі велічна на фоне гэтага вясковага пейзажу выглядае Нацыянальны Санктуарый Маці Божай Будслаўскай. У яго галоўным алтары - цудоўны вобраз Маці Божай Будслаўскай, Апякункі нашага краю. І гэта не проста словы....
Гісторыя сведчыць, што цудоўнае аб'яўленне Маці Божай айцам-бернардынам адбылося на гэтым месцы яшчэ ў 1588 г. Хіба з таго часу і распачаліся першыя пілігрымкі. Мясцовыя старажылы апавядаюць, што «і за царом, і за Польшчаю, і за саветамі» 1 і 2 ліпеня ішлі да Маці Божай пілігрымы з усіх куткоў Беларусі і з-за яе межаў (з Варшавы і з Вільні)…
"І калі яны елі, Езус, узяўшы хлеб, благаславіў, ламаў і даваў ім..."
Нядзеля, 10 Чэрвень 2012 20:56 Аўтар РэдактарСвята Цела і Крыві Хрыстовых (Corpus Christi) адзначаецца штогадова ў чацвер пасля Тройцы і з’яўляецца больш урачыстым адпраўленнем святой еўхарыстыі ў параўнанні са штодзённай святой імшой.
Каталіцкі касцёл разглядае еўхарыстыю (сакрамент камуніі) як святарны дар, які Хрыстус пакінуў сваёй царкве, і які быў усталяваны падчас таемнай вячэры. Ахвяра, якая была складзеная Езусам у выглядзе хлеба і віна ў Ерусалімскай святліцы, - гэта своеасаблівая “форма”, у якой ахвяра на крыжы ўвасабляецца ў касцельным жыцці. Святая камунія – гэта ўдзел вернікаў у ахвяры Хрыста, які дапамагае нам прыпадабніцца Божаму Сыну.